З 1 верасня ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачынае працаваць выстаўка «Служэнне роднаму слову», прысвечаная пісьменнікам-юбілярам 2016 г.

У гэтым годзе спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якіх мы па праву лічым класікамі беларускай літаратуры.
120 гадоў спаўняецца Кандрату Крапіве і Міхасю Чароту, а таксама 115 год Міхасю Зарэцкаму. Росквіт творчасці гэтых пісьменнікаў прыпаў на час эпахальных падзей, якія бязлітасна перакройвалі дзяржаўныя межы і нібыта сухія былінкі пераломвалі лёсы асобных людзей.
Нельга абмінуць увагай і 95-гадовы юбілей народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа і Івана Шамякіна і 85-гадовы – Ніла Гілевіча.
Сярод юбіляраў таксама Мікола Ермаловіч, Алег Лойка, Янка Сіпакоў, Барыс Сачанка.
Асаблівая ўвага пісьменнікам, лёс якіх звязаны з Полацкам – Янку Журбе і Генадзю Бураўкіну.
На выстаўцы можна будзе ўбачыць розныя выданні найбольш вядомых твораў гэтых аўтараў з фондаў НПГКМЗ. У тым ліку кнігі для дзяцей, створаныя Змітраком Бядулем, Васілём Віткам, Віталем Вольскім, Паўлам Місько.

Источник: polotsk.museum.by