У пачатку верасня 2014 года ў зале музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора пачала работу чарговая выстава, якая распавядае пра будаўнічую гісторыю Полацка.

Звесткі аб помніках манументальнага, у першую чаргу культавага дойлідства перыяду Старажытнай Русі, што дайшлі да нас, сведчаць аб майстэрстве яго стваральнікаў, дэманструюць адрозныя рысы архітэктурна-мастацкіх цячэнняў і дасягненняў сваёй эпохі.
У першай палове ХІІ ст. з кіеўскай архітэктуры вылучылася некалькі архітэктурных школ: Галіцкая, Уладзіміра-Суздальская, Наўгародская, Гродзенская і Полацкая. Развіццё самабытнай полацкай школы дойлідства старажытнарускага перыяду ахоплівае два стагоддзі – ад сярэдзіны ХІ да сярэдзіны ХІІІ-га. Яно пачалося з узвядзення ў Полацку велічнага Сафійскага сабора на ўзор сярэдневізантыйскага крыжова-купальнага храма і было абумоўлена распаўсюджаннем на беларускіх землях хрысціянства, а таксама палітычным уздымам Полацкага княства.
На дадзены момант паводле археалагічных і пісьмовых крыніц вядома аб існаванні на тэрыторыі Полацка адзінаццаці помнікаў каменнага дойлідства ХІ-ХІІ стст., у ліку якіх дзесяць – культавыя пабудовы і адна – грамадзянскага характару.
Каменнае будаўніцтва ў горадзе вялося на Верхнім замку (Сафійскі сабор сярэдзіны ХІ ст., Царква на дзяцінцы 60-80-х гг. ХІІ ст., Княжацкі церам другой паловы ХІІ ст.) , на прылягаючай да Верхняга замка тэрыторыі (Храм «на рву» трэцяй чвэрці ХІІ ст., Храм на стрэлцы Ніжняга замка першай паловы ХІІ ст.), на тэрыторыі мужчынскага Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра (Вялікі сабор 20-30-х гг. ХІІ ст., Пятніцкая царква 20-х гг. ХІІ ст., Барысаглебская царква сярэдзіны ХІІ ст. і Храм-трыконх другой паловы ХІІ – пачатку ХІІІ ст.), на тэрыторыі жаночага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра (Храм-пахавальня полацкіх епіскапаў першай паловы ХІІ ст. і Спаса-Праабражэнская царква 50-х гг. ХІІ ст.).

Усе будынкі Полацка сярэдзіны ХІ – ХІІ стст. узведзены з тонкай цэглы-плінфы у так званай тэхніцы «са схаваным радам», што ўтварае двухколерную гаму паверхні сцен. Большасць храмаў былі выцягнутымі ў плане, з дамінуючай сярэдняй апсідай, з вузкімі бакавымі нефамі. Сярод культавых пабудоў ёсць бесслуповыя з адной апсідай, шасціслуповыя з трыма вонкавымі апсідамі, а таксама чатырох- ці шасціслуповыя з трыма апсідамі, дзве з якіх (бакавыя) знадворку не выдзяляліся, а знаходзіліся ў тоўшчы сцяны. Некаторыя полацкія храмы мелі вонкавыя галерэі, а падкупальны квадрат у асобных помніках размяшчаўся не над усходняй, а над заходняй парай слупоў.
Полацкая школа дойлідства аказала глыбокае ўздзеянне на храмавае будаўніцтва Смаленскага, Наўгародскага і іншых старажытнарускіх княстваў.

На выставе ў зале Музея архітэктуры Сафійскага сабора прадстаўлены матэрыялы археалагічных раскопак і назіранняў, якія праводзіліся на месцах раней існаваўшых каменных збудаванняў Полацка ХІІ ст.: Храма на дзяцінцы, Храма «на рву», Храма на стрэлцы Ніжняга замка, храмаў Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, а таксама княжацкага церама. Артэфакты з археалагічнай калекцыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка сведчаць пра высокі ўзровень развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры старажытнага Полацка і Полацкага княства.

Запрашаем палачан і гасцей горада наведаць выставу, якая зацікавіць як спецыялістаў, так і ўсіх аматараў гісторыі нашага краю.