10 мая ў 16.00 ў УК «Музей гісторыі і культуры г.Наваполацка» адбудзецца адкрыццё выставы дыпломных работ студэнтаў кафедры «Выяўленчае мастацтва» (мастацка графічны факультэт, УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М.Машэрава).

Летапіс Віцебскай мастацкай школы пачынаецца з мяжы 1918 году, калі ў горадзе было адчынена Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Менавіта з гэтай навучальнай установай звязаны імёны такіх славутых мастакоў, як Юдэль Пэн, аснавальнік адной з першых на тэрыторыі Беларусі прыватных школ малюнка і жывапісу; Марк Шагал, карціны якого ў нашы дні з’яўляюцца аднымі з самых дарагіх у свеце; Казімір Малевіч аснавальнік стылю супрэматызм і аўтар знакамітага «Чорнага квадрату».

Назва навучальнай установы неаднаразова змянялася – Віцебскія свабодныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні (чэрвень 1920 – канец 1921 гг.); Мастацка-практычны інстытут (канец 1921 – жнівень 1923 гг.). Восенню 1923 года адкрыўся Віцебскі мастацкі тэхнікум, ператвораны ў сярэдзіне 1930-х гадоў у Віцебскае мастацкае вучылішча. З 1949 году – гэта ўжо Віцебскае мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча. Шмат выбітных мастакоў і мастацтвазнаўчаў выйшлі з гэтых сцен, якія вядомы ня толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. 

Выстава працуе да 4 чэрвеня па адрасу: вул. Маладзёжная, 45, корпус 3. Кошт білетаў: дарослы – 1 руб., дзіцячы – 80 кап. Даведкі па тэлефону 51-05-16.