У Музеі ткацтва з 17 студзеня па 17 лютага будзе працаваць выстаўка пано ў тэхніцы лапікавага шыцця "Гульні з уяўленнем".

Праект створаны майстрыхамі Народнага клуба «Рошва» і навучэнцамі курсаў лапікавага шыцця. Ідэя праекта, які носіць такую цікавую назву, была прапанавана майстрыхай клуба Людмілай Баранкевіч. Дастаткова жорсткія ўмовы праекта – памер работ і пэўная каляровая гама – не сталі перашкодай для жадаючых у ім паўдзельнічаць. Паводле водгукаў удзельнікаў, нескладана было выконваць умовы праекта – складана было абудзіць фантазію, падключыць уяўленне. У дзяцінстве марыць ды падарожнічаць з героямі лёгка. Часам у самых простых рэчах дзіця можа ўбачыць казачныя вобразы, фантастычных істот, далёкія краіны, дый шмат чаго яшчэ… Становячыся дарослымі, мы страчваем здольнасць з дапамогай сваёй фантазіі пераносіцца ў іншыя сусветы і бачыць у простым казачнае, незвычайнае. Так, у гэтым праекце ўсім яго ўдзельнікам прадставілася магчымасць на нейкі час вярнуцца ў сваё дзяцінства, абудзіць у сабе ўяўленне і «палётаць» на крылах фантазіі.

Тры колеры – чырвоны, чорны, белы – такой была ўмова аўтара ідэі, не абмежавалі палёт фантазіі, але наадварот, толькі прыўнеслі асаблівы сэнс у кожную працу.

Чырвоны – гэта традыцыйна колер моцы, здароў'я, багацця; ён дамінуе, абуджае ўяўленне.

Чорны – гэта стабільнасць, аснова, зямля, упэўненасць.

Белы – гэта святло душы, надзея, чысціня.

Усе працы атрымаліся вельмі рознымі, і ў кожнай свая раўнавага колеру, свой схаваны сэнс, свая ідэя і фантазія. Некаторыя сюжэты пазнаюцца амаль адразу, над іншымі можна доўга стаяць у роздуме. Але дакладна адно – ні адна праца не пакідае пустаты, абыякавасці, а запрашае прыгледзецца, падумаць, хоць на імгненне вяртае нас ў той светлы час, «калі дрэвы былі вялікія»...