80 мільёнаў трэба сабраць для рэстаўрацыі помніка літары «Ў» у Полацку

Полацкія ўлады адкрылі дабрачынны рахунак для рэстаўрацыі помніка літары «Ў». Выдаткі складаюць 80 мільёнаў рублёў. Калі грошы будуць сабраныя, ужо ў чэрвені 2016 году мае адкрыцца адноўлены помнік.

Пра адкрыццё дабрачыннага рахунку для рэстаўрацыі помніка літары «Ў» стала вядома з адказу, які атрымала Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Грамадская арганізацыя ўжо звярталася да полацкіх уладаў летась. Тады выканкам спаслаўся на адсутнасць сродкаў у бюджэце.

Што ўлады сапраўды збіраюць грошы, Свабодзе падцвердзілі ў Полацкім райвыканкаме. Па словах Аляксандра Міхалевіча, намесніка старшыні па архітэктуры і будаўніцтве, помнік мае быць адрэканструяваны ўжо ў чэрвені 2016 году.

Кошт усіх прац — 80 мільёнаў рублёў. За гэтыя грошы будзе створаны новы падмурак. Адрамантаваць стары, кажа Міхалевіч, немагчыма. Ён зроблены з сілуміну — асаблівага мэталю, які не паддаецца рамонту. Сама літара «Ў» застанецца, а падмурак з надпісам будзе цалкам заменены на чыгунны.

Здымак Сяргея Плыткевіча
Здымак Сяргея Плыткевіча

У выканкаме разлічваюць і на ахвяраванні, а таксама шукаюць бюджэтныя сродкі для рэканструкцыі.

«Працуем у двух накірунках, — кажа Міхалевіч. — Калі насельніцтва, арганізацыі, дабрачынныя таварыствы пералічаць — дзякуй. Калі не, мы паралельна разглядаем пытанне, як знайсці сродкі з бюджэту».

Цягам двух наступных тыдняў скульптар мае пачаць выраб формы для адліўкі. Потым яшчэ месяц сыдзе на новую адліўку. Таму ў чэрвені 2016 году адноўлены помнік мусіць з'явіцца на старым месцы.

Адзіны ў Беларусі помнік літары «Ў» быў усталяваны ў цэнтры Полацка ў 2003 годзе, калі тут праходзіў Дзень беларускага пісьменства. На ім выбітая цытата Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасінні, ад Скарыны, Ад Полацка пачаўся свет».

У 2014 годзе з'явіліся здымкі пашкоджаных літараў. У якасці прычынаў называліся вандалізм, неахайная ўборка сьнегу з помніка зімой і «дэфармацыя з цягам часу».

Радыё Свабода
полацк гісторыя помнік
Если вы заметили ошибку, выделите необходимый текст и нажмите Ctrl+Enter, чтобы сообщить об этом редакции
Я рекомендую
Пока никто не рекомендует

Комментарии

Комментарии предназначены для общения, обсуждения и выяснения интересующих вопросов

Ничего не найдено.