У былым ваенным гарадку каля Наваполацка сям’я стварыла конны клуб. Гаспадар «коннага царства», дарэчы, служыў у той самай вайсковай часці, на тэрыторыі якой цяпер утрымлівае коней. Але самае цікавае — у ягоным клубе займаюцца коннікі ва ўзросце за 80 гадоў!
Каму муж купіць… брыльянты
У пасёлак Баравуха-1, дзе месціцца конны клуб «Баярд», мы прыехалі пад вечар. Гэта была далёка не першая журналісцкая сустрэча ў той дзень, і мы вельмі стаміліся. Аднак Ігар і Вольга Авяр’янавы хутка зарадзілі станоўчай энергетыкай. Ёсць такія людзі, якія з першага знаёмства становяцца блізкімі. Гэта пра іх. Ігар служыў у паветрана-дэсантных войсках, ваяваў у Афганістане. За гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Але пра гэта мы даведаліся пазней. Спачатку гаспадары павялі нас да коней.
— У мяне дзед быў графскім конюхам ва Украіне. У Ігара дзед — казацкі атаман. Бабуля — карэнная казачка. Напэўна, любоў да гэтых жывёл у нашых генах, — смяецца Вольга.
Клубу «Баярд» сёлета 10 гадоў. Коней тут восем. І ўсе не «са спорту», а набытыя на конезаводах або ў гаспадароў. Сярод жывёл ёсць і «імянная». Яна належыць не клубу, а жанчыне з горада. Жанчына купіла кабылу і аддала ў «Баярд» на пастой.
— Пачыналася ўсё, як у казцы пра Папялушку, — з карэты. Яшчэ жывёл не было, а «колы» купілі: каб катаць маладажонаў, аматараў рамантыкі, — распавядае Вольга.
Юныя выхаванцы клуба ўжо маюць спартыўныя дасягненні, але галоўная мэта «Баярда» — стварыць месца добрага адпачынку. Каб жыхары Наваполацка, дзе не самая добрая экалогія, набіраліся тут сіл і аздараўляліся. Да Авяр’янавых прыязджаюць сем'і і закаханыя пары. Хлопцы, каб зрабіць прапанову рукі і сэрца дзяўчатам, арандуюць каня.
Вольга па адукацыі медык і адна з нямногіх у краіне прафесійна займаецца іпатэрапіяй.
— Напрамак модны, але мае і супрацьпаказанні. Напрыклад, якія катанні на конях пры раку крыві? А вось з неўрозам, неўрастэніяй, праблемамі з пазваночнікам (аднак, не з усімі), калі ласка, на каня! Іпатэрапіяй лечаць і залежнасць ад камп’ютарных гульняў. Яна «супакойвае» гіперактыўных дзяцей… Катанне — ідэальны спосаб схуднець. Да нас многа жанчын прыязджаюць з патаемнай мэтай уразіць мужа настолькі, каб ён потым купіў новую машыну і брыльянты, — жартуе суразмоўца.
Вольга Авяр’янава — дэпутат пасялковага Савета і актыўны агітатар за здаровы лад жыцця. У якасці мецэната плённа супрацоўнічае з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў.
— Шмат добрых слоў чуем ад людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Акрамя коней, у нас ёсць козы, тайскія пуховыя куры. Іх яйкі, дарэчы, вельмі карысныя. У іх складзе ёсць кампанент, які па ўздзеянні на арганізм чалавека падобны на жэньшэнь. Ёсць індыкі. Птушак дазваляем кранаць, каб адчулі іх цеплыню. Гэта таксама лечыць. Анімалатэрапія актыўна прымяняецца на Захадзе. І мы не адстаём, — працягвае Вольга.
Удалы дэбют у бізнесе
Гаспадыня «Баярда» мае статус індывідуальнага прадпрымальніка. Зарэгістраваць сваю гаспадарку як аграсядзібу не ўдалося, бо аказалася, што Баравуха-1 не лічыцца сельскай мясцовасцю.