Дзе насамрэч была «лінія Сталіна», або Чаму нямецкі генерал назваў Полацк «крэпасцю»

Пасля 22 чэрвеня 1941 года камандаванне Заходняга фронту імкнулася арганізаваць лінію абароны і спыніць наступленне вермахту. Лепей за ўсё для гэтага падыходзілі ўмацаваныя лініі на былой савецка-польскай мяжы.

Не менш крывавыя баі ў ліпені 1941 года адбываліся і на лініі 61-га Полацкага ўмацаванага раёна (ПоУР). Будаўніцтва доўгачасовых умацаванняў там пачалося ў 1927–1928 гадах. Працягласць ПоУР складала 56 км, і ад 2 да 5 км углыб. Некаторыя ўмацаванні знаходзіліся на адлегласці ў 4 км ад «рыжскай» мяжы. ДАКі пачыналіся на поўнач ад вёскі Горкі на рацэ Дрысе і вёскі Баравуха-1, і ішлі да вёскі Гомель, якая знаходзілася паміж Полацкам і Ветрына.

Асноўныя аб’екты знаходзіліся на ўсходнім беразе ракі Ушача. У 1930 годзе было ўзведзена 47 збудаванняў на фарынаўскім накірунку, а ў 1932-м — пабудавана каля 250 ДАКаў. У 1938-м у Полацкім УРы было 263 кулямётныя агнявыя кропкі, разлічаныя на 452 кулямёты і 10 супрацьтанкавых кропак (СТАК) з вежамі ад танкаў Т-26. Абарончая паласа складалася з 11 батальённых раёнаў. Важным момантам была высокая шчыльнасць пабудовы агнявых кропак ПоУРа. Напрыклад, калі ў Кіеўскім УР на 85 км было 217 агнявых кропак, то пад Полацкам на 56 км было 202 бункеры.

Дзе насамрэч была «лінія Сталіна», або Чаму нямецкі генерал назваў Полацк «крэпасцю», фото-1

Адзін са знішчаных немцамі савецкіх дакаў пад Полацкам

Большасць ДАКаў і артылерыйскіх паўкапаніраў, якія знаходзіліся пад Полацкам, маглі вытрымаць агонь 203-міліметровай гаўбіцы. Вёска Баравуха-1 знаходзілася ў цэнтры паўночнага сектара ПоУРа. Вакол дыслакаваліся 4 батальённыя і 3 ротныя раёны абароны. У 1935–1937 гадах вялося будаўніцтва вайсковага гарадка 17-й стралковай дывізіі. Цікавы момант: будаўніцтва і ўзбраенне ПоУРа курыравалі маршал Міхаіл Тухачэўскі і камандуючы Беларускай вайсковай акругай Еранім Убарэвіч. Пасля іх арышту ў 1937 годзе ўмацаванням ля Полацку сталі надаваць менш увагі.

У верасні 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Умацаванні ля Полацка закансервавалі.Праз год вайсковыя часткі ПоУРа былі перададзеныя ў распараджэнне Гродзенскага УР, а для аховы бункераў ля Полацка пакінулі 10-ты асобны кулямётны батальён. У кастрычніку таго ж года Полацкі і Себежскі УРы былі аб’яднаныя. У іх склад уваходзілі 25-ты і 133-ці асобныя артылерыйска-кулямётныя і 156-ты асобны кулямётны батальёны.

Дзе насамрэч была «лінія Сталіна», або Чаму нямецкі генерал назваў Полацк «крэпасцю», фото-2

Абарот здымку дзе напісана пра ДАК полацкага УР

Затрымаць немцаў

4 чэрвеня 1941 года была выпушчана пастанова Саўнаркама СССР «Аб умацаваных раёнах», у якой, акрамя іншага, адзначалася: «Утрымліваць пастаянныя гарнізоны ўмацаваных раёнаў першай лініі ў складзе 70% і ўмацаваных раёнаў другой лініі ў складзе 30% ад ваеннага часу». Непасрэдна перад вайной ДАКі пад Полацкам паспелі прывесці ў поўную баявую гатоўнасць.

У пачатку ліпеня 1941-га на пазіцыі ПоУРа наступалі танкі 19-й дывізіі вермахта. На гэты момант на рубяжы ракі Заходняя Дзвіна канцэнтраваліся часткі 174-й стралковай дывізіі 62-га корпуса 22-й арміі пад камандаваннем камбрыга Аляксея Зыгіна. У свой час ён быў камендантам Благавешчанскага ўмацаванага раёна на Далёкім Усходзе, і гэты досвед спатрэбіўся пад Полацкам. Паласа абароны дывізіі ўключала пазіцыі на рэках Дзісна і Ула, а ўвогуле часткі 22-й арміі павінны былі абараняць рубеж ад Краславы да Бешанковічаў.

 Супраць шасці савецкіх стралковых дывізій наступалі два армейскіх корпусы і 3-я танкавая група генерала Германа Гота3 ліпеня 1941 года танкі пачалі наступленне на накірунках Даўгаўпілс — Полацк і Маладзечна — Полацк. Праз дзень 18-я матарызаваная дывізія Вермахта ўпёрлася ў савецкія ДАКі ў раёне Фарынава і Ветрына, а авангард нямецкай 19-й танкавай дывізіі выйшаў да Заходняй Дзвіны. Герман Гот адзначаў ва ўспамінах: «Камандаванне не разлічвала на моцны супраціў на Заходняй Дзвіне. Сур’ёзнай абароны састарэлых умацаванняў пад Полацкам не павінна было быць».

Дзе насамрэч была «лінія Сталіна», або Чаму нямецкі генерал назваў Полацк «крэпасцю», фото-3

З дапамогай Штурмавых гармат "Шцюг" немцы знішчалі савецкія ДАКі

Аднак супраціў на лініі ПоУР быў настолькі жорсткі, што немцы былі вымушаны выклікаць на дапамогу 14-ю матарызаваную дывізію, якая знаходзілася пад Мінскам. З цяжкімі баямі Вермахт прайшоў савецкія ўмацаванні ля Ветрына, але зноў спыніўся ля Кутнян. Немцы спрабавалі знішчыць савецкія бункеры пад прыкрыццём дымавой заслоны.

У адной са справаздач штабу Заходняга фронту адзначалася: «Падчас блакіроўкі ДАКу №51 Полацкага УР праціўнік прымяніў дым, які прымусіў гарнізон ДАКу апрануць адгазнікі». І нават ва ўмовах задымлення чырвонаармейцы здолелі не даць штурмавым групам немцаў падабрацца да агнявых кропак. Шчыльны агонь з кулямётаў і гармат кожны раз прымушаў нямецкую мотапяхоту адыходзіць.

Дзе насамрэч была «лінія Сталіна», або Чаму нямецкі генерал назваў Полацк «крэпасцю», фото-4

Нямецкі танк ля аднаго з савецкіх ДАКаў пад Полацкам

6 ліпеня 1941 года 18-я матарызаваная дывізія вермахта знішчыла чатыры савецкія агнявыя кропкі і ўклінілася ў абарону 22-й арміі. Камбрыг Зыгін контратакаваў немцаў і адкінуў праціўніка. 9 ліпеня баі ішлі на кірунку Баравуха-1. Тут гераічна змагаліся ДАКі ля населеных пунктаў Заручэня, Асяроткі і Махірава. У адным з нямецкіх данясенняў адзначалася: «Паветраная выведка выявіла не вядомую раней умацаваную лінію ад Баравухі да Яновы. Гутарка ідзе пра палявыя ўмацаванні, якія на поўнач і на поўдзень чыгуначнай лініі Полацк — Баравуха сур’ёзна ўзмоцнены глыбока эшаланаванымі ДАКамі».

12 ліпеня немцы ўвялі ў бой 57-ы матарызаваны корпус 3-й танкавай групы. Раніцай 15 ліпеня яны прарваліся да Полацка ў раёне Баравуха-2 і захапілі левабярэжную частку горада. Артылерыя 6-га нямецкага корпуса адкрыла шквальны агонь па агнявых кропках ПоУРа. Пазней камандаванне Вермахта кінула ў атаку свае штурмавыя групы, узброеныя агнямётамі. На працягу дня немцам удалося знішчыць некалькі дзясяткаў савецкіх ДАКаў, пры гэтым у палон узялі ўсяго некалькі цяжкапараненых чырвонаармейцаў. Астатнія загінулі ў сваіх бетонных крэпасцях.

Дзе насамрэч была «лінія Сталіна», або Чаму нямецкі генерал назваў Полацк «крэпасцю», фото-5

Аляксей Зыгін

У ноч на 16 ліпеня рэшткі 174-й дывізіі РСЧА пачалі адыход у бок Невеля. Некаторыя савецкія ДАКі пад Полацкам у атачэнні працягвалі весці баі з наступаючымі немцамі да 19 ліпеня 1941 года. Генерал Герман Гот ва ўспамінах называў Полацкі УР «крэпасцю Полацк» і адзначаў: «Наступленне на Полацк шматкроць натыкалася на варожыя контратакі і неаднаразова спынялася». З цяжкімі баямі падраздзяленні 174-й стралковай дывізіі выйшлі з атачэння, а яе камандзіру Аляксею Зыгіну было нададзена званне генерал-маёра і ўручаны ордэн Леніна.

Новы час
полацк вайна абарона немцы
Если вы заметили ошибку, выделите необходимый текст и нажмите Ctrl+Enter, чтобы сообщить об этом редакции
Комментарии