Да 8 студзеня ў Мастацкай галерэі Полацка будзе працаваць выстава сучаснага мастацтва «Асабісты Чарнобыль» Паўла Вайніцкага. Інфармацыя пра падзею размешчана на старонцы галерэі ў Facebook.
– У выставах Паўла заўсёды цікавы і вельмі значны канцэптуальны бок, галоўная ідэя праекта. Ён умее дасягаць мэты мінімальнымі сродкамі, што ніколькі не змяншае яго рэалізацый у сферы прафесійнай і актуальнай скульптуры, – ідзе гаворка на старонцы Мастацкай галерэі.
– Выстава ўяўляе з сябе асобасную мастакоўскую рэфлексію аб гістарычным бедстве, сведкай і міжвольным удзельнікам якога я ёсць – і якое ёсць неад’емнай часткай мяне. Чарнобыль – персаніфікаваны пераломны момант, мой, асабісты, які ўплывае на тое, што здарылася са мной тады і адбываецца цяпер, – характарызуе выставу сам Павел Вайніцкі.